ХАЛХІ́Н-ГО́ЛЬСКІ КАНФЛІ́КТ 1939,

ваенныя дзеянні паміж сав.-манг. і яп. войскамі ў раёне р. Халхін-Гол у маі—вер. 1939. З пач. 1939 яп. войскі неаднаразова парушалі граніцу Мангольскай Нар. Рэспублікі (МНР). Калі яны 28.5.1939 у чарговы раз парушылі мяжу, манг. і сав. войскі (знаходзіліся там у адпаведнасці з пратаколам аб узаемнай дапамозе паміж МНР і СССР ад 12.3.1936) адкінулі іх да манг.-кіт. мяжы. У канцы чэрв. 1939 японцы па спрабавалі захапіць плацдарм на зах. беразе ракі, але 3—5.7.1939 былі разбіты сав.-манг. войскамі каля гары Баін-Цаган. У жн. 1939 на правым беразе Халхін-Гола была разгорнута 6-я яп. армія (75 тыс. чал., 182 танкі, 500 гармат), якую падтрымлівалі 300 самалётаў. Сав.-манг. войскі былі аб’яднаны ў 1-ю армейскую групу (57 тыс. чал., 498 танкаў, 542 гарматы, 385 бронемашын, камандуючы камкор Г.К.Жукаў), якую падтрымлівалі 515 самалётаў. Манг. войскі ўзначаліў маршал Х.Чайбалсан. Дзейнасць сав.-манг. войск каардынаваў камандарм 2-га рангу Р.​М.​Штэрн. У ходзе наступлення сав.-манг. войскі 20—31.8.1939 акружылі і ліквідавалі яп. групоўку. 4 і 8.9.1939 яп. войскі зноў спрабавалі прасунуцца на тэр. МНР, але былі адкінуты і тэр. Манголіі была ачышчана ад захопнікаў. Паветр. баі працягваліся да 15.9.1939.

У ходзе Х.-г.к. сав. авіяцыя ўпершыню выкарыстала ракетную зброю і ўпершыню танкі перайшлі раку па яе дне. Па просьбе Японіі 16.9 1939 баявыя дзеянні спынены. Страты праціўніка склалі 61 тыс. забітымі. параненымі і палоннымі. 660 самалётаў. Страты сав.-манг. боку склалі 18,5 тыс. чал. забітымі і параненымі, 207 самалётаў. За мужнасць 70 удзельнікам баёў прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. С.А.Грыцаўцу, які атрымаў гэта званне другі раз. Сярод узнагароджаных ордэнамі і медалямі былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі І.М.Багушэвіч, В.М.Бібікаў, Х.Я.Варанчук, Я.І.Ганчароў, С.А.Любарскі, Дз.К.Марозаў, А.​Дз.Церашкоў, М.К.Шут, А.​К.​Антоненка, Ф.​Я.​Жгіраў, А.​Я.​Марчанка, А.​С.​Пажарскі і інш.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 2. М., 1974;

Новиков М.В. Победа на Халхин-Голе. М., 1971;

Герои Халхин-Гола. 2 изд. Пермь, 1976;

Данилов А. Там вдали. за рекой... Халхин-Гол // Армия. 1999. №4—5;

2000. №1.

Г.​Дз.​Бабусенка.

т. 16, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)